ТАВАРЫ́СТВА З АБМЕЖАВА́НАЙ АДКА́ЗНАСЦЮ,

таварыства, заснаванае дзвюма і больш асобамі, статутны фонд якога падзелены на долі, вызначаныя ўстаноўчымі дакументамі. Удзельнікі такога т-ва не адказваюць па яго абавязацельствах, але нясуць рызыку страт, звязаных з дзейнасцю т-ва ў межах вартасці ўнесеных імі ўкладаў. Удзельнікі т-ва, якія ўнеслі ўклады не поўнасцю, нясуць салідарную адказнасць па яго абавязацельствах у межах вартасці нявыплачанай часткі ўкладу кожнага з удзельнікаў. Фірменнае найменне такога т-ва павінна ўтрымліваць у яго назве словы «з абмежаванай адказнасцю». Прававое становішча такога т-ва, правы і абавязкі яго ўдзельнікаў вызначаюцца нормамі заканадаўства, выкладзенымі ў Цывільным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Устаноўчымі дакументамі т-ва з’яўляюцца ўстаноўчы дагавор, падпісаны яго заснавальнікамі, і зацверджаны імі статут.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)